search

Лагерь БЛИК – Будзьма

Першае пытанне. Праект беларускага дызайнера і гульца беларускага тэлеклуба "Што? Дзе? Калі?" Уладзіміра Цэслера папаўняецца новым аднатыпным арт-аб'ектам штогод увесну і на сёння складаецца з элементаў у стылі Казіміра Малевіча, Пабла Пікаса, Уладзіміра Маякоўскага, Сальвадора Далі. Назавіце двума словамі такі арт-аб'ект.
З беларускай народнай песні мы даведаліся, што першы варыянт быў адпрэчаны з прычыны схільнасці да паэтычнай творчасці, трэці – з прычыны неабавязковасці і несур'ёзнасці, чацверты – з прычыны вельмі флегматычнага характару, пяты – з прычыны вялікай схільнасці да алкаголю. Назавіце прычыну, з якой быў адпрэчаны другі варыянт..
Беларускі працоўны ордэн, заснаваны ў 20-х гадах ХХ стагоддзя, не меў надпісаў на рускай мове і ўяўляў сабой трохкутны чырвоны шчыт, на які накладзеныя сцяг, зорка, серп і сякера, пшанічныя каласы, шасцярня і надпіс: "Беларуская савецкая сацыялістычная рэспубліка". На стужцы, якая абмяжоўвае шчыт зверху, быў лозунг "Пралетары ўсіх краін, яднайцеся!" на трох мовах. Пералічыце гэтыя мовы.
Іх усяго 4. Першы быў пабудаваны ў цяперашняй Турцыі, другі на Украіне, трэці ў Расіі. А ў якім горадзе знаходзіцца чацверты з іх?
Падчас падрыхтоўкі гэтага пакету пытанняў рэдактар звяртаўся да дапамогі электронных перакладчыкаў. У выніку перакладчык “вынайшаў” творцу з прозвішчам Абшары. Які сусветна вядомы творца згадваўся ў арыгінале пытання?
На адным з беларускіх інтэрнэт-форумаў наведніца напісала, што яе маці калісьці саромелася свайго дзявочага прозвішча “Гугля”. Іншы наведнік адказаў на гэта, што прозвішча Гугля гучыць для яго вуха больш міла, чым два магчымыя расійскія прозвішчы. Якія?
Французскі пісьменнік Шарль Сарэль у сваім рамане апісвае, між іншым, і побыт вучняў XVII стагоддзя, замкнёных у школе і ўдзень, і ўначы. Герой прыходзіць да высновы, што ўсе словы, якія апісваюць беды шкаляроў, пачынаюцца на літару “к”. Вось гэты спіс, вядома ж, у перакладзе: “катаванні, кара, карцэр, крохатныя кавалачкі…”. Закончыце спіс адной з найжахлівейшых бедаў.
Беларуская газета “Наша Ніва” неяк друкавала праграму тэлеперадач. Рэдакцыя газеты падышла да гэтага творча і з гумарам і ў якасці загалоўка над праграмаю выкарыстала назву знакамітага верша (які некалі быў тэкстам гімна Беларусі), у якой была змененая ўсяго адна літара. Дык як гучаў загаловак перад праграмай?
Паводле простай логікі, ПЕРШЫ помнік мог бы з’явіцца ў гарадах Браслаў, Ваўкавыск альбо Рагачоў, але насамрэч паўстаў у іншым беларускім горадзе. ДРУГІ помнік, паводле той жа логікі, сярод беларускіх абласных цэнтраў мог бы з’явіцца толькі ў адным – і ў ніводным расійскім. І тым не менш, на два гады раней, чым ПЕРШЫ, з’явіўся ў г. Ульянаўску. Праз хвіліну скажыце, чаму быў усталяваны ПЕРШЫ і чаму ДРУГІ помнікі.
Нейкае аніякае пытанне. Часам шырока знаныя прыказкі ды прымаўкі маюць працяг, звычайна – менш вядомы. Напрыклад, гэтая прымаўка ў сваім беларускім варыянце заканчваецца так: “…горш за дурня Апанаса”. Пытанне: Напішыце праз хвіліну яе пачатак.
У беларускіх паданнях ён носіць свайму гаспадару грошы, робіць яго нівы ўрадлівымі, а кароў – дойнымі. За такія клопаты гаспадар абавязаны ставіць яму на даху хаты ці на гумне патэльню яечні. У адваротным выпадку ён можа загневацца і спаліць усю хату. Яго назва паходзіць ад слова, што мае сэнс “свістаць, выдаючы гук пацалунку”. Назавіце яго.
Раздаточный материал:
[ “Бацьку належала маленькая фабрыка ў Ковентры, і калі адкрылі Амерыку, ён яе пашырыў. Ён валодаў патэнтам на вельмі трывалыя шыны “Апэншоў”, а таму фабрыка яго квітнела, і, прадаўшы яе, ён змог з салідным дастаткам пайсці на спачынак”. ] Якія два словы ў гэтым урыўку з апавядання Артура Конана Дойла мы замянілі на два іншыя словы?
Даўней, калі рынкавы гандляр занадта ўздымаў кошт, беларус мог прапанаваць гандляру паглядзець на часткі ўласнага цела, дзе Бог размясціў як напамінак першыя літары фразы "Май меру". Дзе менавіта бог размясціў гэты напамінак?
Даўней на Беларусі, калі ўсе дзеці ў бацькоў паміралі ў маленстве, то, каб наступнае дзіця засталося жыць, бацькі павінныя былі “саступіць” яму частку свайго месца на гэтым свеце. Мабыць, такім дзіцем быў Кандрат Крапіва. Што менавіта зрабілі з ім яго бацькі?
Апошняе перад перапынкам пытанне Здараецца так, што народныя прыказкі праз стагоддзі пачынаюць успрымацца зусім па-іншаму. Напрыклад, гэтая прыказка спачатку была скіраваная супраць аднаго зла, а цяпер можна падумаць, што яна змагаецца адразу з дзвюма негатыўнымі з’явамі сучаснага жыцця. Вось гэтая прыказка: “Хто… /слова прапушчана/ – таго да пекла тураць, а хто… /яшчэ адно слова прапушчана/ – той сам да пекла трухае”. Устаўце два прапушчаныя словы.
У польскім горадзе Мальбарку ёсць замак, які пабудавалі яшчэ рыцары-крыжакі. Цяпер у замку музей. Музейныя супрацоўнікі старанна аднаўляюць атмасферу сярэднявечча. Дакладнасць некаторых дэталяў проста ўражвае. Напрыклад, у замку ёсць пакой, дзе сярод нешматлікіх прадметаў інтэр’еру прыцягваюць увагу палічкі, на якіх ляжаць свежыя лісты капусты. А што гэта за пакой?
Ля Вавеля – каралеўскага замка ў Кракаве – усталяваная статуя Цмока, якая праз няроўныя прамежкі часу пачынае з шумам вывяргаць полымя. Працягласць вывярганняў можа быць рознай. З гэтым звязаная цікавая традыцыя. Жаўнеры, якія заканчваюць службу ў польскім войску, з пачаткам агністага струменя прымаюць упор лежучы і робяць адцісканні. Чаму роўная колькасць адцісканняў, якую павінныя зрабіць юнакі да канца струменя полымя, каб іх паслявайсковае жыццё склалася добра?
Гэтыя два падобныя па гучанні словы прыйшлі да нас з ангельскай мовы. Яны часта сустракаюцца ў жаночых глянцавых часопісах, бо абазначаюць два папулярныя ў сучасных жанчын заняткі. А адзін з такіх часопісаў напісаў, што гэтыя заняткі можна сумясціць. Для гэтага падчас аднаго з іх трэба раўнамерна размеркаваць цяжар у руках і незаўважна для навакольных людзей павольна паціскаць плячыма, нібыта кажучы “не ведаю”. Назавіце абодва заняткі.
Увага, анекдот! Нейкi нарвежскі пісьменнік напісаў кнігу, прысвечаную змаганню маленькага нарвежскага хлопчыка са сваімі дзіцячымі жахамі. А як гучыць назва гэтай кнігі з трох словаў, калі ў ёй фігуруе імя хлопчыка і яго галоўны жах?
У польскай пісьменніцы Анны Бжэзіньскай ёсць цыкл казачна-фантастычных апавяданняў. У адным з іх расказваецца пра маладога князя, які марыў перанесці праз ручай ведзьму, каб тая выканала тры жаданні. Сярод жаданняў была мара сустрэць прыгожую князёўну ці каралеўну, якая стала б добрай жонкай. Вось і сядзеў князь на беразе ручая і чакаў, калі ж да броду падыдзе ведзьма. А чым ён займаўся, каб не губляць часу?
1 сакавіка гэтага года кампанія "Будзьма беларусамі!" прэзентавала ў сталічнай галерэі "Ў" новы турыстычны знак нашай краіны – старадаўняга беларускага цмока. Па словах каардынатара праекту Алены МАКОЎСКАЙ, “мы прапанавалі ў якасці турыстычнага знака краіны цмока, таму што лічым яго вельмі харызматычным персанажам беларускай міфалогіі". А чаго, на думку Алены, пакуль не хапае беларускаму Цмоку, у адрозненне ад аналагічных брэндаў іншых краін?
Апошнім часам ідзе шмат размоваў пра лішак у нашай краіне Х. Такое становішча і ў ЗША, і ў іншых так званых цывілізаваных краінах. Старадаўняя беларуская прымаўка казала пра Х так : “Каза дзярэ лазу, казу дзярэ пастух, пастуха дзярэ пан, пана дзярэ Х, а Х – чарцей трыста”. Якое слова ў нашым пытанне мы змянілі на Х?
На рэкламным банеры “Яndex. Отпуск” намаляваныя двое мастакоў. Адзін з іх – Сальвадор Далі – кажа другому: “Увесь кастрычнік загараю ды купаюся. Адчуваю сябе…” Здагадаўшыся, кім адчувае сябе С. Далі, вы лёгка прыгадаеце і двайное прозвішча яго калегі-суразмоўцы. Назавіце гэтае прозвішча.
Адказ паспрабуйце сфармуляваць дакладна. Цімаці Снайдэр у кнізе «Рэканструкцыя нацый» сцвярджае, што Юзэф Пілсудскі, народжаны на тэрыторыі былога ВКЛ у шляхецкай сям'і, па-польску размаўляў дома, па-беларуску – на вуліцы з простымі людзьмі, а па-руску – толькі ў тым месцы, пра якое нашыя землякі кажуць, што туды адпраўляюць пасвіць собаляў. А дзе Пілсудскі размаўляў па-руску?
Невядома, ці ведаў беларускі класік іўрыт, але факт застаецца фактам. Назавіце літаратурнага героя, дарэчы, увасобленага таксама і ў камні , чыё імя перакладаецца на беларускую мову як "той, хто быў пачуты".
Раздаточный материал:
[ “Час, як яго ні сціскалі, мінулае з прышлым звязаў. Колькі пройдзена, перажыта, і я вам скажу адкрыта, я б даўно ўжо вашу назву – камбінацыю з трох літар – на роднае слова змяняў”. ] Вы бачыце перад сабою заканчэнне вершаванага ліста, які гумарыст Марцін Коўзкі адрасаваў працоўным аднаго вядомага вам прадпрыемства. А якому прадпрыемству з рускамоўнаю назвай быў адрасаваны ліст?
Падчас экскурсіі па Беларусі аўтарка пытання ўбачыла дарожны знак, якога пасля не знайшла ў Правілах дарожнага руху РБ. Выглядаў ён так: на белым фоне ў чырвоным коле перакрэслены сілуэт чалавека на кані. Назавіце аб’ект, непадалёк ад якога гэты знак быў усталяваны.
Маладая пісьменніца Вера Бурлак напісала апавяданне на рускай мове, дзе фігуруе сабачка з літаратурнай мянушкай “Гавка” (намёк на Франца Кафку). Пасля аўтарка пераклала апавяданне на беларускую мову. Каб захаваць гульню з сабачкам па-беларуску, давялося даць яму новае імя (з намёкам на іншага нямецкага аўтара). Як звалі сабачку ў беларускай версіі апавядання?
Перад выбарамі 2000 года ва Украіне “каманда” Леаніда Кучмы выпусціла своеасаблівы каляндар-плакат пад назваю “Знай нашых!” На плакаце – шмат партрэтаў вядомых людзей, звязаных з Украінай. У самым цэнтры, канечне ж, сам Леанід Кучма. Вакол яго – гістарычныя фігуры, а таксама знакамітыя сучаснікі – ад Уладзіміра Вялікага і Ганны, каралевы Францыі, да Сафіі Ратару і Віталія Клычко. А назавіце імёны двух самых-самых знакамітых, на думку Кучмы, украінцаў, размешчаных справа і злева ад прэзідэнта, калі прозвішча ў іх агульнае.
Апошняе пытанне. У першапачатковай крыніцы ён не згадваецца, што не дзіўна, таму што ў міжрэччы Тыгра і Еўфрата ён не сустракаецца. Але ў традыцыйным уяўленні ўсе беды пачаліся з яго. Назавіце яго.
60